ДЫДАКТЫЧНЫЯ ГУЛЬНІ
ПА РАЗВІЦЦІ БЕЛАРУСКАГА МАЎЛЕННЯ ДЛЯ
ДЗЯЦЕЙ ДАШКОЛЬНАГА ЎЗРОСТУ (4 - 6 гадоў)
Гульні на фарміраванне граматычнага ладу мовы
«Назаві колер»
Мэта: дапасоўваць прыметнікі да назоўнікаў па тэме: «Садавіна, агародніна».
Змест гульні: Выхавацель кідае мяч аднаму з дзяцей і называе садавіну альбо агародніну (яблык, агурок, бурак, сліва і г.д.), дзіця ловіць мяч, называе адпаведны колер (чырвоны, зялёны, чырвоны, сіняя і г. д.) і кідае мяч назад.
«Хто што ўмее рабіць?»
Мэта: вучыць называць дзеясловы, якія абазначаюць характэрныя дзеянні жывёл.
Матэрыял: карцінкі з выявамі жывёл: кошка, сабака, жаба, качка, певень.
Змест гульні: Дзеці сядзяць групамі па 3-4 чалавекі. На сталах карцінкі.
Адзін за адным дзеці паднімаюць карцінку, называюць яе і дзеянні, якія можа выконваць жывая істота.
Жаба – квакае, прыгае.
Кошка – мяўкае, ловіць мышэй.
Сабака – брэша, грызе косці, вартуе дом, бегае.
Качка – кракае, плавае, ходзіць.
Певень – кукарэкае, б’ецца.
«Хто ў каго?»
Мэта: вучыць суадносіць назвы жывёл і іх дзіцянят у адзіночным і множным ліках.
Матэрыял: карцінкі з выявамі жывёл з дзіцянятамі: курыца з куранятамі, кошка з кацянятамі, сабака са шчанятамі, карова з цялём.
Змест гульні: Выхавальнік прапануе дзецям разгледзець карцінкі і назваць жывёл і іх дзіцянят.
– Якая курыца (кураняты)? (Дзеці апісваюць курыцу і куранят.)
Выхавальнік пачынае, дзеці дагаворваюць:
У курыцы – … (кураня).
У кошкі – … (кацяня).
У сабакі – … (шчаня).
У каровы – … (цяля).
«Куды што пакладзём?»
Мэта: практыкаваць дзяцей у правільным словаўтварэнні; актывізаваць слоўнікавы запас.
Матэрыял: мяч, карцінкі з выявамі прадуктаў і посуду.
Змест гульні: Выхавальнік: «Алеся прыйшла з магазіна і раскладвае прадукты. Давайце дапаможам дзяўчынцы. Хлеб мы пакладзём … (Кідае мяч аднаму з дзяцей, і той дагаворвае: «У хлебніцу».)
– Алеся купіла цукар і пакладзе яго ў … (цукарніцу).
– Алеся купіла цукеркі і пакладзе іх ў … (цукерніцу).
– Алеся купіла сухары і пакладзе іх ў … (сухарніцу.)
– Алеся купіла селядзец і пакладзе яго ў … (селядзечніцу).
– Алеся купіла соль і пакладзе яе ў … (сальніцу.)
У выпадку не правільных адказаў выхавальнік кідае мяч другому дзіцяці.
Выкарыстоўваючы карцінкі, дзеці могуць падбіраць пары прадметаў.
«Адгадай, чыя цацка?»
Мэта: вучыць утвараць прыналежныя прыметнікі.
Матэрыял: набор цацак
Змест гульні: Выхавацель у якасці вядучага хавае за спіной машынку, пытаецца, у якой руцэ цацка. Нехта з дзяцей адказвае. Тады выхавацель пытаецца: «Алёша адгадаў. Чыя цяпер машынка?». (Алёшава.) Алёша атрымлівае цацку і становіцца вядучым. Гульня працягваецца.
«Чаго не стала?»
Мэта: практыкаваць ва ўжыванні назоўнікаў адзіночнага і множнага ліку ў родным склоне, правільна дапасоўваць прыметнікі да назоўнікаў.
Матэрыял: малюнкі розных прадметаў у адзіночным і множным ліку, прадметы, цацкі.
Змест гульні: Дзеці называюць прадметы, цацкі, малюнкі, які размешчаны на стале ў выхавальніка. Затым ён прапануе дзецям заплюшчыць вочы, а сам хавае адзін-два прадметы (малюнкі).
– Чаго не стала? (Не стала бярозак (алоўкаў).
– Каго не стала? (Не стала мядзведзяў (дзяўчынак, людзей, куранят).
– Чаго не стала? (Не стала машынкі (мячыка, дудкі).
– Каго не стала? (Не стала дзяўчынкі (хлопчыка).
«Скажы ласкава»
Мэта: практыкаваць дзяцей ва ўтварэнні слоў з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі.
Матэрыял: мяч.
Змест гульні: Выхавацель называе слова, а той, каму ён кіне мяч, скажа ў адказ ласкавае слова.
Слоўны матэрял для гульні:
Спіна – спінка
Жывот – жывоцік
Вочы – вочкі
Шчокі – шчочкі
Рот – роцік (раток)
Зуб – зубок (зубік)
Нос – носік
Лоб – лобік
Вуха – вушка
Рука – ручка
Галава – галоўка
Нага – ножка
Палец – пальчык.
Гульні па развіцці звязнага маўлення
«Вы пытайцеся – мы адкажам»
Мэта: замацоўваць уменні задаваць пытанні і адказваць на іх; развіваць культуру маўлення.
Матэрыял: мячык.
Змест гульні: гульня праводзіцца ў коле. Выхавальнік задае дзіцяці пытанне, кідаючы мяч, а дзіця ловіць мяч і адказвае на яго. Кожнае дзіця павінна быць гатовым адказаць на пытанне выхавальніка, які стаіць у сярэдзіне кола. Пытанні могуць быць такога плану: Што ты любіш есці? Якія гульні любіш? Якія казкі табе падабаюцца? І г. д.
«Адгадай, што мы задумалі»
Мэта: развіваць звязнае маўленне, мысленне, увагу, самастойнасць.
Змест гульні: Вядучы выходзіць за дзверы. Дзеці загадваюць прадмет. Вярнуўшыся, вядучы выслухоўвае дзяцей і называе, што было загадана. Спачатку дзеці называюць асобныя прыметы прадмета. Калі ж вядучаму цяжка адгадаць, расказваюць пра яго асаблівасці.
«Хто больш убачыць?»
Мэта: развіваць звязнае маўленне, увагу, кемлівасць.
Матэрыял: сюжэтны малюнак.
Змест гульні: Перад дзецьмі вывешаны малюнак. Вядучы пытае: «Што вы бачыце?». Дзеці па чарзе адказваюць. Кожны павінен быць уважлівым, слухаць таварыша і працягваць яго расказ, пры гэтым не паўтараць сказанае. Пераможа той, пасля каго ніхто нічога не можа сказаць.
Выхавальнік падбірае малюнкі з такімі сюжэтамі, каб дзеці замацоўвалі веды, вызначаныя праграмай на пэўны адрэзак часу.
«Лапатушкі»
Мэта: развіваць інтанацыйна правільнае дыялагічнае маўленне.
Змест гульні: Для гульні падбіраюцца скорагаворкі, якія вымаўляюцца з пытальнай і сцвярджальнай інтанацыямі ў форме размовы паміж двума дзецьмі:
– Пайшоў Сёма лавіць сома? – Пайшоў Сёма лавіць сома.
– Соня спіць спакойна дома? – Соня спіць спакойна дома.
Выкарыстоўваюцца і скорагаворкі, пабудаваныя на дыялогу:
– Ці маліну мылі вы? – Мылі, ды не мылілі.
– Ці лілі алей у рэдзьку, ці лілі? – Ты не цілілікай, Федзька, сам налі.
«Прачытай пісьмо»
Мэта: развіваць звязнае маўленне, мысленне.
Матэрыял: прадметныя або сюжэтныя малюнкі.
Змест гульні: Кожнаму дзіцяці даецца канверт, у якім знаходзіцца разрэзаны на часткі малюнак. Трэба дастаць «пісьмо», акуратна скласці яго і «прачытаць»: апісаць прадмет або скласці 2-3 сказы па малюнку.
Мэта: адпрацоўваць навыкі звязнага маналагічнага маўлення.
Змест гульні: Дзеці «пераўтвараюцца» ў жывёл ці нават у рэчы і расказваюць пра сябе: «Я — маленькая і зялёная, жыву ў балоце. Я добра скачу і плаваю, люблю есці мух і камароў». (Жаба.). «Я вялікі, падобны на скрыню. У мяне ёсць экран і многа кнопачак. Уключыш кнопачку — пакажу мульцік або спартландыю». (Тэлевізар.).
«Хто больш назаве слоў?»
Мэты: актывізаваць слоўнікавы запас дзяцей па тэме: «Прафесіі»; практыкаваць у складанні простых сказаў па зададзеным слове; развіваць уяўленне і пачуццё гумару.
Матэрыял: малюнкі, на якіх адлюстраваны людзі розных прафессій.
Змест гульні: Выхавацель расказвае пра карэспандэнта газеты, які хоча даведацца, што дзеці ведаюць пра прафесіі дарослых. Ён будзе запісваць словы праз мікрафон. Выхавацель паказвае малюнак, а хто-небудзь з дзяцей называе прафесію, інструменты, неабходныя для гэтай прафесіі, у мікрафон. Дзеці дзеляцца на дзве каманды, іх прадстаўнікі па чарзе адказваюць на пытанні, называюць прылады і дзеянні з імі, не паўтараючы слоў. Перамагае тая каманда, якая апошняй назвала інструмент і дзеянне з ім.
Гульні на пашырэнне, удакладненне і актывізацыю слоўніка
«Магазін цацак»
Мэта: актыўна распазнавацъ новыя словы па тэме «Цацкі».
Матэрыял: цацкі на імправізаваным прылаўку магазіна.
Змест гульні: Выхавацель апісвае цацку. Задача дзяцей — хутчэй распазнаць яе і знайсці на «прылаўку магазіна».
«Пачастуем ляльку»
Мэта: актыўна распазнаваць новыя словы па тэме «Посуд».
Матэрыял: прадметы посуду: талеркі, лыжкі, відэльцы, цукарніца і г.д.
Змест гульні: Выхавацель аб’яўляе дзецям, што лялькі Алеся і Оля збіраюцца сустракаць гасцей. Трэба дапамагчы ім расставіць посуд. Віця ставіць талерачкі, Таня раскладвае лыжкі і відэльцы, Дзіма ставіць цукарніцу і г.д. Дзеці па аднаму выконваюць зададзеныя дзеянні, знаходзячы названыя прадметы посуду, напрыклад, у буфеце.
«Што надзенем ляльцы на прагулку?»
Мэта: замацоўваць лексіку па тэмах «Адзенне» і «Абутак».
Матэрыял: малюнкі з выявай адзення і абутку.
Змест гульні: Выхавацель паказвае некалькі відаў адзення і абутку і прапануе дзецям назваць іх. Затым дзіця выбірае той прадмет адзення ці абутку, які яму больш за ўсё спадабаўся і называе яго.
«На чым паедзеш у госці?»
Мэта: узнаўляць словы з нагляднай падказкай па тэме «Транспарт».
Змест гульні: Выхавацель называе некалькі відаў транспарту і прапануе дзецям выбраць адзін адказ на пытанне “На чым паедзеш у госці?”, але трэба, каб дзеці не механічна адказвалі, а матывавана выбіралі адказ, як у рэальнай жыццёвай сітуацыі. Кожны раз выхавацель паказвае адпаведныя малюнкі.
«Чым пачастуем гасцей?»
Мэта: узнаўляць словы з нагляднай падказкай па тэме «Садавіна, агародніна».
Змест гульн: Выхавацель называе некалькі відаў садавіны і агародніны і прапануе дзецям выбраць адзін адказ на пытанне «Чым пачастуем гасцей?».
Але трэба, каб дзеці не механічна адказвалі, а матывавана выбіралі адказ, як у рэальнай жыццёвай сітуацыі. Кожны раз выхавацель паказвае адпаведныя малюнкі.
«Хто што робіць?»
Мэта: актывізаваць і папоўніць слоўнікавы запас дзяцей назвамі прафесій. Вучыць суадносіць дзеянні чалавека з яго прафесіяй.
Матэрыял: карцінкі з выявамі людзей канкрэтнай прафесіі: мастака, повара, урача, швачкі, прадаўца.
Змест гульні: Выхавальнік звяртаецца да дзяцей: «Вы ведаеце, што кожны чалавек у час працы выконвае пэўнае дзеянне. Я буду называць прафесію, а вы мне адкажаце, што робіць чалавек гэтай прафесіі».
– Што робіць повар (мастак, урач, швачка, прадавец)?
Мастак – малюе, повар – варыць, урач – лечыць, швачка – шые, прадавец – прадае.
Для актывізацыі увагі, моўнай дзейнасці можна ўвесці «ўзнагароды».
«Назаві адным словам»
Мэта: замацоўваць у мове дзяцей словы, што абазначаюць агульныя паняцці; актывізіраваць слоўнікавы запас; развіваць лагічнае мысленне, кемлівасць.
Матэрыял: карткі з выявамі прадметаў.
Змест гульні: Выхавацель выкладвае карткі з выявамі прадметаў. Дзеці разглядваюць іх, называюць намаляваныя прадметы. Затым выхавацель просіць назваць гэтыя прадметы адным словам. Наступныя заданні могуць быць такімі:
-
воўк, ліса, заяц… – дзікія жывёлы;
-
сабака, кот, каза… – свойскія жывёлы;
-
верабей, сарока, шпак… – птушкі;
-
курыца, певень, гусь… – свойскія птушкі;
-
елка, бяроза, рабіна… – дрэвы;
-
шалік, шапка, шуба… – адзенне;
-
муха, пчала, божая кароўка… – насякомыя;
-
шафа, стол, стул… – мэбля;
-
рамонак, дзьмухавец… – кветкі.
«Прыдумай слоўца або адкажы: «Які?..»
Мэта: абагачаць слоўнікавы запас прыметнікамі; развіваць кемлівасць, мысленне, мову.
Матэрыял: прадметныя карцінкі.
Змест гульні: Выхавацель паказвае дзецям прадметную карцінку, просіць назваць яе і падабраць словы, якія дапамогуць адказаць на пытанне: «Які гэта прадмет?»
Напрыклад:
– Ліса якая? (Хітрая, рыжая…).
– Мядзведзь які? (Касалапы, вялікі…).
– Заяц які? (Малы, даўгавухі…).
Літаратура:
Старжынская, Н. С. Развіццё беларускага маўлення дашкольнікаў ад 4 да 7 гадоў : вучэб.- метад. дапаможнік для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі з рускай мовай навучання / Н. С. Старжынская, Д. М. Дубініна. – 3-е выд., перагледж. – Мінск : Аверсэв, 2020.