Наша хата мовай багата!

20.02.2024
19 лютага ў дашкольным цэнтры распачаўся Тыдзень роднай мовы пад назвай “Наша хата мовай багата”.

Для выхаванцаў старшых груп у першы дзень прайшла забава “Чароўны куфар”, пад час якой дзеці сустрэліся з Дзедам Барадзедам. Вандруючы па свеце, ён збірае беларускія казкі, прымаўкі, песні, а потым расказвае іх малым дзеткам.

Сёння пачуць аповяды Дзеда Барадзеда пашчасціла і нашым выхаванцам. Незвычайны госць не толькі здзівіў дзяцей багаццем свайго чароўнага куфара, але яшчэ і навучыў малых гуляць у вясёлыя народныя гульні “Ручаінкі”, “Лапці”, “Міхасік”.

Крыху пазней да Дзеда Барадзеда і нашых выхаванцаў далучылася цётка Алена, якая таксама аказалася цікавым суразмоўцам. Яна расказала дзецям пра народных майстроў, прапанавала павесяліцца ў народным танцы, а пасля запрасіла ўсіх у лялечны тэатр.

У другі дзень Тыдню старэйшыя выхаванцы прадоўжылі знаёмства з народнымі рухомымі гульнямі. Дапамагла ім у гэтым бабуля Гануля, якая больш за ўсіх ведае цікавых вясёлых забаў.

 

Наперадзе яшчэ тры дні , насычаныя цікавымі мерапрыемствамі для дзетак рознага ўзросту. Спадзяемся, што гэта не толькі паспрыяе далучэнню нашых выхаванцаў да народнай культуры беларусаў, але і дасць ім магчымасць адчуць смак роднай мовы, выкліча жаданне карыстацца ёю ў паўсядзённым жыцці.